Фестиваль национальных культур 2018

У Карэлічах адбыўся раённы злёт перадавікоў “Гонар і пашана па працы”

24.02.2016.
На мерапрыемстве падвялі вынікі работы ўсіх галін народнай гаспадаркі Карэліччыны за 2015 год і падсумавалі дасягненні раёна за апошнюю пяцігодку.
Перш за ўсё ў сельскагаспадарчым краі дзякавалі працаўнікам сяла. Кіраўнікам і спецыялістам сельгаскааператываў, работнікам масавых прафесій нізка кланяліся за хлеб ды тое, што ім ўдалося атрымаць да лусты духмянага.
2015 год ужо ўвайшоў у гісторыю як рэкордны для нашых аграрыяў. У раёне ўпершыню намалацілі  больш за 140 тысяч тон зерневых і зернебабовых культур. З аднаго гектара ў сярэднім сабрана 68,7 цэнтнера збожжа, у СВК “Жухавічы” – каля 94 цэнтнераў. Мы другія па ўраджайнасці на Гродзеншчыне, – адзначаў у сваім выступленні старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Віктар Шайбак. – На аднаго работніка, занятага ў сельскай гаспадарцы, выраблена 49 тон зерня.
Поспехі нашых раслінаводаў ацэнены па заслугах у Гродзенскай вобласці. Карэліцкі раён у 2015 годзе ўзяў трэцяе месца ў рэгіянальным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур.
Вылучыўся край мінулым годам і па колькасці і якасці нарыхтаваных кармоў. Адну ўмоўную галаву сельгасарганізацыі раёна забяспечылі амаль 28 цэнтнерамі кармавых адзінак і стварылі трывалую базу для камфортнай і сытай зімоўкі грамадскага пагалоўя буйной рагатай жывёлы.
За пяцігодку шмат удалося зрабіць раёну ў галіне малочнай жывёлагадоўлі. З 2007 года гаспадаркі павялічылі валавую вытворчасць малака прыкладна на 28 тысяч тон. У 2015 годзе на Карэліччыне надаілі 73643 тоны малака. Да прыкладу, яшчэ ў 2004 годзе ад кароў у раёне атрымалі толькі каля 35600 тон малака.
Рост прадукцыйнасці ў дадзенай галіне ў першую чаргу абумоўлены працэсам тэхнічнага перааснашчэння і мадэрнізацыі малочна-таварных ферм, – працягваў аналізаваць змены да лепшага Віктар Леанідавіч.
Апошнім часам у Карэліцкім раёне пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю тры малочныя комплексы, яшчэ шэсць адрэканструяваны. На абнаўленне спатрэбіліся немалыя сродкі. Новыя фермы каштавалі ад 24 да 40 млрд рублёў. Але ўкладанні ў жывёлагадоўчую галіну, як зазначыў старшыня райвыканкама, былі жыццёва неабходнымі, што падцвердзілася тым, як хутка яны далі свой станоўчы вынік.
У 2015 годзе ў раёне ў сярэднім ад каровы атрымалі 5703 кілаграмы малака. Прадуктыўнасць малочнага статку ў калгасе “Свіцязянка-2003” вырасла да 8157 кілаграмаў, у СВК “Маяк-Заполле” – да 6556 кілаграмаў.
Усяго ў сельскагаспадарчы комплекс Карэліцкага раёна за пяць гадоў інвесціравана каля 800 млрд рублёў. Тэмп росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі ў мінулым годзе склаў 107,5%, – давёў Віктар Леанідавіч, пераходзячы да вынікаў работы прамысловасці краю.
Сярод прадрыемстваў перапрацоўчай галіны самых важкіх рэзультатаў на Карэліччыне ў 2015 годзе, як паведаміў старшыня райвыканкама, дасягнула ААТ “Карэлічы-Лён”.
Новая лінія па вытворчасці льновалакна дапамагла таварыству выйсці са сваёй прадукцыяй на міжнародны рынак. Прадпрыемства пачало гандляваць з Кітаем. У мінулым годзе ўсходнім партнёрам было адгружана тавару амаль на 1,3 млн долараў ЗША.
Дзякуючы валютнаму кантракту ААТ “Карэлічы-Лён” за пяцігодку мы рэалізавалі тавараў, работ, паслуг у 26 разоў больш, чым было запланавана па прагнозу. Прадпрыемствамі выручана звыш двух з паловай мільёнаў долараў ЗША, – сказаў Віктар Шайбак.
З лепшага боку таксама адзначаліся Мірскі і Варанчанскі філіялы ААТ “Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод”. На першым у 2015 годзе адкрыўся сучасны зернесушыльны комплекс, на другім – лінія па вытворчасці і разліву шклоабмывальнай вадкасці, на якую выдаткавалі каля аднаго млрд рублёў. Як перадавое ў сваёй галіне не толькі ў вобласці, але і рэспубліцы было прадстаўлена Карэліцкае УКП бытавога абслугоўвання насельніцтва.
У раёне з 2011 года прыкладна на трэць павялічыўся аб’ём рознічнага тавараабароту, з’явіліся 20 новых аб’ектаў гандлю. Мінулай восенню адчыніла свае дзверы гасцініца “Мірскі пасад”.
Не спынялася развіццё сацыяльнай сферы. Ішлі бягучыя і капітальныя рамонты ўстаноў аховы здароўя, умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база школ, садкоў, устаноў адукацыі сферы культуры. Віктар Шайбак агучыў вынікі раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці за 2015 год, уручыў пераможцам Ганаровыя пераходныя сцягі.
кор2.jpg
Лепшай гаспадаркай Карэліччыны прызнаны калгас “Свіцязянка-2003”. Пераможцам сярод арганізацый будаўніцтва, прамысловасці, транспарту, сувязі і сферы паслуг – ААТ “Карэлічы-Лён”. Сярод сельскіх выканаўчых камітэтаў лідарам названы Лукскі сельвыканкам.
Пасля на сцэну запрасілі перадавікоў народнай гаспадаркі, імёны якіх былі занесены на Дошку Пашаны. Усе 16 чалавек атрымалі ад старшыні райвыканкама ганаровыя пасведчанні.
З віншаваннямі да прысутных таксама звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Сяргей Барычэўскі. Ён паведаміў, што пераходны імянны кубак і званне гаспадаркі “Высокай культуры земляробства” па выніках работы ў 2015 годзе прысвоена СВК “Жухавічы”, званне гаспадаркі “Высокай культуры жывёлагадоўлі” – калгасу “Свіцязянка-2003”.
кор3.jpg
Пераможцам спаборніцтва за ўкараненне ў сельскагаспадарчую вытворчасць высокаэфектыўных энергазберагальных тэхналогій, – працягваў Сяргей Васільевіч, – прызнаны калгас “Свіцязянка-2003”. Лідарам спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў выкарыстання машынна-трактарнага парку – СВК “Маяк-Заполле”. Лепшым сярод гаспадарак раёна па вытворчасці цукровых буракоў стаў КСУП “Племзавод “Карэлічы”.
Дыпломамі пераможцаў спаборніцтваў сярод ферм па вытворчасці мяса і малака з малочным блокам адпаведна былі ўзнагароджаны фермы “Райца-1” і “Райца-2” калгаса “Свіцязянка-2003”.
ко4.jpg
Фото Караліны КУЧУК
Святлана ВАШЧЫЛА
Комментарии (0)