Фестиваль национальных культур 2018

Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і культуры адкрылі ў МДУ імя М.В. Ламаносава сумесна з ГрДУ імя Янкі Купалы

14.12.2017.
Адкрыццё Цэнтра, створанага сумесна з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, адбылося 12 снежня на філалагічным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава. 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Дарадца-Пасланнік Амбасады Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Юрый Ярашэвіч і ІІІ сакратар Амбасады Павел Міхалевіч. З боку купалаўскага ўніверсітэта – прарэктар па навучальнай рабоце Генадзій Гачко, прафесар кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі Людміла Рычкова і дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько, з боку расійскага ўніверсітэта – прарэктар па міжнародным супрацоўніцтве, начальнік упраўлення міжнароднага адукацыйнага супрацоўніцтва прафесар Юрый Мазей, намеснік дэкана філалагічнага факультэта па навуковай працы прафесар Вольга Аляксандрава, загадчык кафедры славянскай філалогіі прафесар Наталія Ананьева, кіраўнік Цэнтра прафесар Ала Шэшкен, а таксама студэнты, магістранты і выкладчыкі. 

Папярэднія дамоўленасці пра адкрыццё ў Маскоўскім дзяржуніверсітэце Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і культуры былі дасягнуты яшчэ ў 2016 годзе падчас сустрэч з прадстаўнікамі філалагічнага факультэта МДУ і ўзаемадзеяння ў рамках Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў. Немалаважна ў гэтай падзеі роля дэкана філалагічнага факультэта МДУ, доктара філалагічных навук, прафесара Марыны Рамнёвай, чыя шматгадовая дзейнасць унесла і ўносіць неацэнны ўклад у справу агульнаславянскага адзінства, скіравана на падтрымку моўнай і культурнай разнастайнасці славянскага свету. Плануецца, што дзейнасць Цэнтра супольна з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы будзе спрыяць пашырэнню супрацоўніцтва і ўзаемакарысных кантактаў студэнтаў і выкладчыкаў дзвюх устаноў вышэйшай адукацыі. 


На сайте Пасольства Рэспублікі Беларусь ў Расійскай Федэрацыі адзначана, што ў межах дзейнасці Цэнтра таксама запланаваны розныя мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне, равіццё і папулярызацыю беларускай мовы, літаратуры і культуры ў Маскве. Адзначым таксама, што адкрыццё Цэнтра адбылося ў паказальны для нашых народаў год. Так, у 2017 годзе на Беларусі шырока адзначаецца 500-годдзе ўсходнеславянскага друкарства, пачатага выбітным дзеячам эпохі Адраджэння Францыскам Скарынам, і 135-годдзе класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы.

ГрДУ
Комментарии (0)