Гродненщина - вчера и сегодня

Матрыца пячаткі, шпалера «Паляванне» і крыж-энкалпіён. 7 экспанатаў з Мірскага замка ўнеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны

16.04.2018.
18 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. З гэтай нагоды журналіст гутарыць з метадыстам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела метадычнай работы ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Анастасіяй   КРАСНОЎСКАЙ.

 — Анастасія Аляксандраўна, якія помнікі ахоўваюцца дзяржавай на Карэліччыне?

— У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь Карэліцкага раёна ўключана 36 гісторыка-культурных каштоўнасцей (43 аб’екты ў іх складзе), у тым ліку 14 помнікаў архітэктуры, 6 — археалогіі, 4 — гісторыі, 12 — рухомых помнікаў мастацтва і гісторыі. З іх у сакавіку 2018 года ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унесена 7 матэрыяльна рухомых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны: матрыца пячаткі Юрыя Іллініча герба «Урубы», шпалера «Паляванне», шпалера з выявай сцэны з антычнай гісторыі, кніга «TOMVS QVARTVS», кабінет (шафа), кубак, крыж-энкалпіён. Усе яны належаць установе «Музей «Замкавы комплекс «Мір».

— У чым сэнс аховы гэтых аб’ектаў?

— 3 лютага 2017 года ўступіў у сілу Кодэкс аб культуры Рэспублікі Беларусь, які ўвабраў у сябе ўсе этапы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей — ад вылучэння культурных каштоўнасцей для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці да выкарыстання матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Таксама штогод праводзіцца маніторынг стану і выкарыстання гісторыка-культурных каштоўнасцей Карэліцкага раёна, па выніках якога ўсе недахопы ў пісьмовым выглядзе накіроўваюцца ўласнікам для іх выпраўлення.

IMG_0845.jpg

— Які аб’ект на Карэліччыне можна назваць асаблівым?

— Візітнай карткай, жамчужынай нашага раёна была, ёсць і будзе ўстанова “Музей “Замкавы комплекс “Мір”. Помнік архітэктуры мае сваю гісторыю, ён прываблівае турыстаў роднай Беларусі і замежжа. І гэта, безумоўна, радуе: пра Карэліччыну ведаюць у свеце, да нас прыязджаюць, каб пазнаёміцца з гістарычным мінулым і наталіцца навакольнымі краявідамі, і турысты атрымліваюць жадаемае.

— Скажыце,  што плануецца правесці ў раёне з нагоды Міжнароднага дня помнікаў?

— Сёлета да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін адбудзецца квэст-гульня «Гісторыя аднаго горада», у ходзе якой супрацоўнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці пазнаёмяць мясцовых жыхароў са шматлікімі памятнымі і гістарычнымі месцамі г. п. Карэлічы.
www.polymia.by
Комментарии (0)