Фестиваль национальных культур 2018

Вяргіні да дня нараджэння Міхала. Кветкі ўпрыгожаць усё Залессе

13.02.2018.
Сядзіба Агінскага ў Залессі вабіць шматлікіх турыстаў, у тым ліку і цікавымі мерапрыемствамі, што тут адбываюцца. І з кожным годам іх становіцца ўсё больш. Планы на будучае абмеркавалі і ўдзельнікі круглага стала “Стан гістарычных мясцін – візітоўка аг. Залессе”, на якім сабраліся кіраўнікі мясцовых устаноў, старасты вуліц і жыхары Залесся, неабыякавыя да сваёй Радзімы.

Супрацоўнікі музея-сядзібы прапанавалі правесці ў верасні фестываль “Вяргіні да дня нараджэння Міхала”. Адметна, што фестываль будзе тычыцца не толькі непасрэдна сядзібы. У межах яго адбудуцца самыя розныя мерапрыемствы: канцэрт класічнай музыкі, конкурс падворкаў “Зямля смяецца кветкамі”, выстава кветкавых дываноў, майстар-клас па тэхніцы “канзашы”, дзіцячы пленэр “Кветкавая планета” ды іншыя.

32.jpg

Ужо ў сакавіку плануецца правесці семінар “Біяразнастайнасць расліннасці ў сядзібе Агінскага і аг. Залессе”, вынікам якога стане адпаведны буклет. Таксама пройдуць акцыі па добраўпарадкаванні тэрыторыі музея-сядзібы і аграгарадка Залессе ў красавіку і маі.

Кветкавая тэма фестывалю абрана невыпадкова – у час жыцця М.-К. Агінскага на тэрыторыі сядзібы расла вялікая колькасць розных кветак, толькі адных вяргінь налічвалі каля 60 відаў. А дзякуючы намаганням і неабыякавасці мясцовых жыхароў у гэтым годзе вяргіні ўпрыгожаць не толькі тэрыторыю сядзібы, але ўсё Залессе.

Таццяна МАСТОЎСКАЯ
Комментарии (0)