Гродненщина - вчера и сегодня

Кніжная гісторыя Гродзеншчыны. Інтэрв'ю з дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раманам Матульскім

04.12.2017.
Бібліятэка – гэта не толькі месца, дзе можна ўзяць цікавую ці патрэбную кнігу, але і мноства важных праектаў. Да прыкладу, на мінулым тыдні кніжніцам Гродзеншчыны быў перададзены поўны збор твораў Францыска Скарын. Нагадаем, што маштабны і амбіцыйны праект па факсімільным перавыданні твораў нашага першадрукара рэалізаваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі пры фінансавай падтрымцы банка БелВЭБ. Праца над ім ішла на працягу некалькі гадоў.

А што далей? Ці будзе новы не менш значны праект?

Пра планы на бліжэйшы час і некаторыя задумкі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі распавядаць не спяшаецца, падкрэсліваючы, што зноў жа, як гэта было са зборам Скарыны, рэалізаваны будуць тыя, што зацікавяць грамадскасць.

– Падобныя праекты, як выданне поўнага збору Скарыны, мы робім не за дзяржаўныя грошы. Працуем з грамадскімі аб’яднаннямі, фондамі, арганізацыямі… Гэта своеасаблівая экспертыза: калі праект знаходзіць грамадскую падтрымку, ён патрэбны. Не – значыць не цікавы, не своечасовы.

– Дарэчы, факсімільнае ўзнаўленне спадчыны Скарыны – гэта праект, які загучаў на міжнародным узроўні.

– Увогуле пра Скарыну як першадрукара мы пачалі гаварыць і актыўна вывучаць яго спадчыну адносна нядаўна, калі Беларусь стала самастойнай дзяржавай.

Калі працавалі над канцэпцыяй выдання, было пытанне “Для каго яно?”. Зразумела, у першую чаргу для нас, беларусаў. Каб спадчына Скарыны, кнігі якога сёння захоўваюцца ў самых розных краінах свету і якія мы сабралі ў нашым праекце, была даступна ўсім, хто цікавіцца нацыянальнай культурай.

Разам з тым выданне арыентавана і на замежных карыстальнікаў. Перш-наперш для таго, каб яшчэ раз паказаць: Беларусь – годная еўрапейская краіна. Па даце выдання сваёй першай кнігі (“Біблія” Францыска Скарыны надрукавана кірылічным шрыфтам і менавіта на беларускай мове – аўт.) мы стаім побач з вядомымі краінамі Еўропы. І гэта сведчыць пра багатую гісторыю нашай краіны. Шматтомнік твораў Скарыны мы прэзентавалі ў Ватыкане, Нацыянальных бібліятэках ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая. Выданне было перададзена ў бібліятэку ААН і вельмі цёпла ўспрынята дыпламатамі. Папаўняе яно бібліятэчныя фонды іншых краін свету, у тым ліку нашых суседзяў.



– Якія навуковыя даследаванні, праекты галоўнай кніжніцы краіны наперадзе?

– Дакладна магу сказаць, што ў бліжэйшыя пяць гадоў будзем больш актыўна працаваць над тэмай нацыянальнай бібліяграфіі. Мова ідзе пра тое, каб скласці поўны спіс таго, што напісалі і выдалі беларусы за ўсё сваё жыццё. Калі савецкі перыяд добра вывучаны, то іншыя перыяды і некаторыя тэрыторыі – Terra incognita.

– Якія “нязведаныя землі” давядзецца адкрываць?

– Сярод іх – гісторыя Гродзеншчыны ў міжваенны перыяд. Тут у той час існавалі бібліятэкі, выдавецтвы, выходзілі газеты, часопісы, кнігі, якія ў нашай нацыянальная бібліяграфіі не ўлічаны, аднак добра вядомы. Да прыкладу, славутая “Гродзенская праўда” і шмат якіх іншых выданняў. Гісторыя Беларусі вельмі цікавая, аднак пакуль не вывучана добра. Каб яе дакладна вывучыць, трэба ў тым ліку ведаць, якія кнігі на яе тэрыторыі выдаваліся, пра што пісалі людзі, якія жылі на гэтай зямлі. І не зусім важна, на якой мове і якім шрыфтам. Бо выданні на беларускай мове выходзілі не толькі кірыліцкім шрыфтам, але і лацініцай, нават арабскай графікай. Шмат выданняў, якія выходзілі на іншых мовах, у тым ліку польскай, лацінскай. Гэта той пласт нацыянальнай культуры, літаратуры, які неабходна ўзняць і дзе, упэйнены, будзе шмат прыемных адкрыццяў і шмат цікавых асоб, якія зрабілі ўнёсак у гісторыю нашай краіны.

– Ведаю, што ідзе праца па алічбоўцы кніжнай спадчыны.

– Гэты працэс зусім не такі просты, як можа падавацца. Ёсць пэўныя пытанні, у тым ліку юрыдычныя. Аднак на сённяшні дзень у электроннай бібліятэцы нашай бібліятэкі каля 500 тысяч электронных копій. Актыўна працуем з калегамі з Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, ладзім спецыяльныя навуковыя даследаванні і экспедыцыі, каб выявіць у першую чаргу выданні мінулых стагоддзяў, якія не захаваліся ў Беларусі.

Што да тых выданняў, якія захоўваюцца ў нашай бібліятэцы, гэта планавая работа, якая пастаянна вядзецца. Да прыкладу, не так даўно скончылі працу па алічбоўцы губернскіх ведамасцей. Ведамасці Гродзенскай губерніі былі адны з самых складаных, таму што ў Беларусі іх амаль не было. Давялося шукаць у Літве, Польшчы – па старонцы, асобнаму нумару збіралі. Цяпер яны ёсць у нас у поўным выглядзе. Для даследчыкаў, гісторыкаў і проста тых, кто цікавіцца гісторыяй, гэта шыкоўная скарбонка ведаў: пра што пісалі нашы продкі, як яны жылі, чым займаліся. Можна скласці вобраз людзей таго часу, іх жыцця. Гэту працу мы працягваем і будзем працягваць.

Фото з архіва "ГП"
Таццяна КУЗНЯЧЭНКАВА
Комментарии (0)