Гродненщина - вчера и сегодня

Песнярам зямлі беларускай: цікавая выстава, прысвечаная Якубу Коласу і Янке Купале, адкрылася ў Гродна

14.09.2017,
У гродзенскім цэнтры “Спадчына” пачала працаваць выстава “Песняры зямлі беларускай”,  прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

На суд гродзенцаў і гасцей горада прадстаўлены экспанаты з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Інфармацыйныя матэрыялы, якія расказваюць пра жыццё і творчасць знакамітых  беларусаў, дапоўнілі  дэкарацыі, касцюмы  і лялькі да спектакляў, што ставіліся па іх творах на сцэнах гродзенскіх драмтэатра і тэатра лялек. У наведвальнікаў выставы ёсць магчымасць асвяжыць у памяці актуальныя ва ўсе часы, магутныя і выдатныя вершы, паэмы, апавяданні, п’есы аўтараў, пераведзеныя больш чым на 100 моў свету.

IMG_20170913_154823.jpg

Падчас адкрыцця выставы метадыст цэнтра “Спадчына” Людміла Лебядзь зрабіла кароткі экскурс у часы Купалы і Коласа, засяродзіла ўвагу прысутных на ролі кожнага ў фарміраванні беларускай нацыянальнай літаратуры і культуры. Акрамя таго,  яна выказала надзею, што выстава зацікавіць у першую чаргу настаўнікаў беларускай філалогіі,  бо на ёй прадстаўлена  мноства рэдкіх экспанатаў.  Для неабыякавых да творчасці Коласа і Купалы  гродзенцаў  арганізатары таксама  падрыхтавалі  прыемныя  сюрпрызы.

Дарэчы,  выстава наладжана  падчас  святкавання   500-гадовага юбілею  беларускага кнігадрукавання. Працаваць  яна будзе да канца верасня.

IMG_20170913_155302.jpgIMG_20170913_161310.jpgIMG_20170913_163332_HDR.jpgIMG_20170913_160432.jpg
Фото аўтара
Ала БЯЛОВА
Комментарии (0)