Гродненщина - вчера и сегодня

Сейф з кодавым замком і нават сапраўдны крыптэкс Леанарда да Вінчы пад сілу зрабіць шчучынскаму майстру

13.04.2018.
Год назад Аляксей Гарыфулін адкрыў прыватную майстэрню і пры дапамозе лазернага станка гатовы рэалізаваць нават самыя складаныя праекты.

Майстраваць з дрэва я пачаў яшчэ ў дзяцінстве: вырэзваў з фанеры мячы і пісталеты, рабіў танкі, збіваў зэдлікі,гаворыць Аляксей. – У старэйшых класах, каб зарабіць капейку, працаваў у мэблевым магазіне: дапамагаў збіраць кухні, спальні, сталы. Па заканчэнні школы паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на фізіка-тэхнічны факультэт, дзе асвойваў спецыяльнасць “прамысловая электроніка”. Аднак хутка зразумеў, што мне механіка значна бліжэй, і забраў дакументы.

Вярнуўшыся дадому, Аляксей Гарыфулін уладкаваўся на працу на завод “Аўтапровад”. Ён з лёгкасцю асвоіў станкі і бездакорна выконваў свае прафесійныя абавязкі. Але душа прагнула больш творчай работы, і Аляксей цвёрда вырашыў распачаць уласную справу.

– Жадаючы рэалізаваць свае амбіцыі, асвоіў прафесію каваля і пэўны час займаўся коўкай дэкаратыўных мячоў і іншых вырабаў з металу, – працягвае Аляксей. – Але рукі цягнуліся да дрэва. На зэканомленыя грошы купіў і сабраў свой першы фрэзерны станок з лічбавым праграмным упраўленнем, які ўстанавіў у сваім гаражы. На ім і адточваў майстэрства. У хуткім часе абставіў сваю кватэру новай мэбляй асабістага дызайну і выканання.

Сябры, якія заходзілі да Аляксея ў госці, не раз зазначалі, што ў яго залатыя рукі, і раілі адкрыць сваю справу. Так А. Гарыфулін і зрабіў.

img_2439.jpg

– Год назад я зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і купіў лазерны станок, працягвае суразмоўца. – На ім асвоіў выпуск ключніц, фотарамак, візітовак, шкатулак з гравіроўкамі і многа іншага. Адной з маіх першых крэатыўных работ была настольная лямпа ў стылі стымпанк: яна была сканструявана мной з выкарыстаннем драўляных шасцерань, якія пры дапамозе спецыяльнага рычага круціліся і падымалі або апускалі цокаль з лямпачкай.

Аляксей за год рэалізаваў нямала розных цікавых праектаў, аб чым сведчыць таўшчэзнае партфоліо з фатаграфіямі яго работ. Некаторыя ўражваюць сваёй складанасцю.

– Ідэю гэтага сейфа пераняў у кампаніі “UGEARS”, але арыгінальныя чарцяжы перапрацаваў на свой манер і выправіў шэраг тэхналагічных памылак, дэманструе майстар “куб” з сакрэтам. – Ён зроблены з фанеры і зачыняецца на сапраўдны кодавы замок, механізм якога таксама цалкам драўляны. Потым задумаў сабраць крыптэкс Леанарда да Вінчы, які раней выкарыстоўваўся як сродак для перадачы сакрэтнай інфармацыі. І ў мяне атрымалася!

Разглядваючы работы Аляксея, дзіву даешся, наколькі багатая ў яго фантазія. Аказваецца, натхненне шчучынскі майстар чэрпае з кніг, а любімымі аўтарамі лічыць Жуля Верна, Эдгара По і Герберта Уэлса.

– Усё пачынаецца з ідэі, кажа Аляксей. Потым я працую над стварэннем 3D макета, на што можа спатрэбіцца ад аднаго дня да некалькіх месяцаў. На гэтым этапе неабходна быць вельмі ўважлівым і не дапусціць ніводнай памылкі, інакш падчас рэалізацыі праекта дэталі не састыкуюцца. Важна адразу прадумаць усю сістэму крапяжу, каб выраб не рассыпаўся ў руках. Для зборкі можна выкарыстоўваць спецыяльны клей або металічныя балты.

Нядаўна Аляксей паспрабаваў сябе ў стварэнні маштабных макетаў розных будынкаў для варгеймаў. Спецыяльна для папулярнай настольнай гульні “Вархаммер” ён сабраў стылізаваную царкву з вітражамі, дзе адчыняюцца ўсе дзверы і вокны, а дах можна зняць для змяшчэння ўнутр мініяцюр воінаў. Зараз шчучынскі майстар працуе над 3D макетам шматпавярховага футурыстычнага замка, які будзе мець мноства варыянтаў зборкі.

img_2451.jpg

– Чым складаней праект – тым цікавей яго рэалізоўваць, – прызнаецца Аляксей Гарыфулін. – Я даўно хачу зрабіць паўтарамятровы свяцільнік у выглядзе цэпеліна. Унутр “паветранага шара” змяшчу цокалі для лямпачак, якія будуць даваць асноўнае святло, а да пасажырскай гандолы прымацую некалькі маніпулятараў з дадатковымі лямпачкамі. Іх можна будзе паварочваць у любы бок. Ажыццявіць задуманае мне дапаможа новы лазерны станок, сабраны для мяне на заказ у Санкт-Пецярбургу. Ён дазволіць значна павысіць якасць і дэталізацыю вырабаў.

Аляксей прызнаўся, што не гоніцца за багаццем і з задавальненнем бярэцца за адзіночныя заказы.

– Я цаню ўнікальнасць, таму на свае работы па жаданні кліента магу нанесці любую гравіроўку і нават фота, – падкрэслівае шчучынскі майстар. – У гэтым плане магу даць фору многім канкурэнтам, якія ў большасці сваёй проста асвоілі лазерны станок, а чарцяжы качаюць з інтэрнэту з усімі недакладнасцямі і памылкамі. Таму і работы атрымліваюцца няякасныя. Я ж лічу, каб дабіцца прызнання, трэба заўсёды працаваць з душою і поўнай самааддачай. Толькі так можна стаць сапраўдным майстрам!
Фото аўтара
Аляксандр КАСПЯРЧУК, "Дзянніца"
Комментарии (0)